Іванава - сталіца Дня беларускага пісьменства - на шляху ... |
Іванава - сталіца Дня беларускага пісьменства - на шляху духоўна-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў” 25 ОКТЯБРЯ 2018 (Четверг) 12: 08: 31 Гарадок Іванава, як каштоўнымі каралямі, акружаны святынямі. Царква ў Ляскавічах - помнік манументальнага драўлянага дойліцтва Палесся, пабудаваная ў 1643 годзе. Міхайлаўскі храм ў Адрыжыне адноўлены ў наш час. Шмат пацярпела там даўняя Успенская царва, у якой служыў Васіль Капычко. Імя святара, які дапамагаў партызанам, увайшло ў падручнікі гісторыі. Айцец Васіль узнагароджаны ордэнам “Айчыннай вайны” другой ступені, медалём “Партызану Вялікай Айчыннай вайны”.
Познім вечарам пераязджаем магутную водную артэрыю - Днепра-Бугскі канал. Побач - мяжа з Украінай. У гэтых маляўнічых мясцінах шмат куточкаў для аздараўлення. А мы яшчэ не выканалі свой дзённы план. Праз некалькі хвілін творчая сустрэча з працаўнікамі і насельнікамі Дамоў адпачынку.
Пад зорамі, на вольным паветры, выступаюць мае спадарожнікі - фотамастак і паэт Яўген Пясецкі, дудар Аляксандр Дунчык, народая артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч. У начной цішыні спявае Алесь Камоцкі.
Шмат дажджоў і снягоў, летаў і зім праляцела, прашумела над Садамі Малітвы, пасаджанымі экспедыцыяй.
Пасля ў Пакроўскім храме - ўрачыстае набажэнства, у звароце да вернікаў немагчыма не ўзгадаць ролю Царквы ў станаўленні айчыннай кніжнасці.
Свята беларускага пісьменства падыходзіла да канца, а ўдзельнікі экспедыцыі, падзяліўшыся на групы, разехаліся па навакольных вёсках: хтосьці ў Моталь, ў Ляскавічы, а мы ў Яечкавічы.
Аграгарадок Яечкавічы мае даўнюю гісторыю. Настаўнікі мясцовай школы адшукалі дакументы, якія сведчаць, што ўпершыню вёска ўзгадваецца ў 1509 годзе. Яе назва пайшла ад тутэйшых забалочаных мясцін, дзе выводзілася шмат птушак. Непадалёку ў вёсцы Дубай існаваў манастыр, настаяцелем якога ў 17 стагоддзі быў змагар за правы праваслаўных Афанасій Брэсцкі. Таму храм у гонар святога пабудаваны ў Яечкавічах. Яго настаяцель Алег Іллюшын з выхаванцамі нядзельнай школы падрыхтаваў адметную сустрэчу.
Ёсць пры храме музей, дзе сабраны старыя іконы і кнігі з вясковых хат. Айцец Алег паказвае дзіўную святыню - крыж, які адкрыўся на расколатым альховым палене.
Тут цесныя сувязі паміж царквой, школай і Домам культуры, дзе адбылася сустрэча з месцічамі. Паэт Вадзім Спрынчан чытае вершаваную паэму бацькі Браніслава Спрынчана, які шмат разоў вандраваў з экспедыцыяй па Беларусі, а ў 1999 годзе тут, на Палессі.
Ужо ў Мінску з кіраўніком “Дарогі да святыняў” навуковым супрацоўнікам Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандрам Лапата-Загорскім размаўлялі пра традыцыі экспедыцыі і яе будучае.
Слухайце праграму “Святло душы” 27 кастрычніка ў 7. 30 і 20. 20 на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё (106, 2 FM) .
|